Прыватныя тэлеканцэрны TVN i Polsat на будучым тыдні будуць унесеныя ў спіс польскіх стратэгічных кампаній, паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Мэта такога кроку – ахова медыяфірмаў ад варожага паглынання, зазначыў прэм’ер.
- TVN i Polsat будуць унесеныя ў спіс кампаній, якія будуць ахоўвацца дзяржавай ад агрэсіўнага альбо варожага паглынання, небяспечнага для дзяржаўных інтарэсаў Польшчы. У апошні час з’явілася шмат чутак, што на Усходзе павялічылася зацікаўленне набыццём СМІ ў Польшчы альбо ўплывам на працу польскіх медыя.
Туск таксама сказаў, што падобная практыка ўжо існуе і ў якасці прыкладу прывёў прыватны тэлекамунікацыйны канцэрн Orange Polska.
Тэлебачанне Polsat з 42 каналамі з’яўляецца ўласнасцю шматпрофільнага холдынгу Grupa Polsat, кантрольны пакет акцый якога належыць польскаму мільярдэру Зыгмунту Соляжу-Жаку.
У сваю чаргу кампанія TVN, якая мае ў партфоліа 24 тэлеканалы, была заснаваная польскімі бізнесменамі ў 1990-х гадах. Актуальна яна – уласнасць амерыканскага гіганта Warner Bros. Discovery. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што амерыканцы плануюць прадаць TVN, а ў якасці патэнцыйнага пакупніка разглядаецца чэшскі канцэрн PPF. СМІ з Цэнтральнай Еўропы падазраюць уладальніцу кампаніі Рэнату Кельнэрову ў спрыянні крытычным адносна Еўрасаюза ўрадам Славакіі і Венгрыі. Больш за тое, не выключаюцца яе сувязі з Масквой.
вс